БЕСКАНТА́КТАВАЯ КАМУТАЦЫ́ЙНАЯ АПАРАТУ́РА,

электратэхнічныя і электронныя прылады, у якіх камутацыя эл. ланцугоў (замыканне, размыканне, пераключэнне), а таксама пераўтварэнне току або напружання ажыццяўляецца без іх мех. разрыву. У стане «выключана» праз кіравальны элемент (транзістар, магнітны ўзмацняльнік, тырыстар), які ўключаны ў ланцуг паслядоўна з нагрузкай, працякае эл. ток нязначнай сілы з прычыны высокага супраціўлення элемента ў закрытым стане; у стане «ўключана» супраціўленне значна змяншаецца.

Бескантактавая камутацыйная апаратура адрозніваецца высокай надзейнасцю, павышаным хуткадзеяннем. Выкарыстоўваецца ў сістэмах камутацыі і аховы эл. установак (у т. л. крыніц сілкавання), у бескантактавых сістэмах кіравання і рэгулявання і інш., напр., сенсорныя пераключальнікі тэлевізійных каналаў, камутацыйныя блокі электронных АТС, тырыстарныя пераключальнікі электрапрыводаў.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)